помнік архітэктуры класіцызму ў г. Шчучын Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1829 пры кляштары піяраў князем К.Друцкім-Любецкім. Мураваны храм выцягнутай крыжова-купальнай кампазіцыі. Дамінуе высокі купал на светлавым васьмерыковым барабане над сяродкрыжжам. На гал. фасадзе паўкалоны і антаблемент ствараюць матыў дарычнага порціка. Вось сіметрыі гал. фасада падкрэслена ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і люкарнай на франтоне. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, аформлены рустам і завешаны антаблементам. У 1987—89 касцёл рэстаўрыраваны.